«ЧАРНО́БЫЛЬСКІ ШЛЯХ»,
грамадскія акцыі па ўшанаванні памяці ахвяр Чарнобыльскай катастрофы 1986. Упершыню праведзена 30.9.1989 у Мінску па ініцыятыве прадстаўнікоў Беларускага народнага фронту «Адраджэньне», дэпутатаў Вярх. Савета Беларусі, вучоных з мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы пераадолення вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У рамках акцыі адбылося несанкцыяніраванае шэсце і мітынг (удзельнічала больш за 20 тыс. чал.). Яго ўдзельнікі прынялі «Ухвалу» з заклікам да ўлад распрацаваць рэальную праграму выратавання ахвяр аварыі, прыцягнуць да адказнасці кіраўнікоў рэспублікі, якія стварылі атмасферу сакрэтнасці вакол вынікаў трагедыі, садзейнічаць развіццю дэмакратыі ў БССР. Працягам гэтай акцыі стала Асамблея «Ч.ш.» (25—26.11.1989), якая прыняла «Дэкларацыю аб неабходнасці прыняцця тэрміновых мер па пераадоленні вынікаў аварыі на ЧАЭС», «Зварот да II з’езда народных дэпутатаў СССР» і «Зварот да народаў свету» з просьбай аб дапамозе. У час «Ч.ш.» 26.4.1991 з нагоды 5-й гадавіны аварыі ў Мінскім кафедральным саборы адбылося набажэнства, на пл. Бангалор устаноўлены мемарыяльны знак «Ахвярам Чарнобыля». Найб. грамадскі рэзананс меў «Ч.ш.» 26.4.1996 з нагоды 10-й гадавіны трагедыі (удзельнічала больш за 50 тыс. чал.). Акцыя суправаджалася супрацьстаяннем паміж яе ўдзельнікамі і сіламі аховы парадку. З 1996 «Ч.ш.» праводзіцца штогод 26 крас. ў Мінску і шэрагу інш. гарадоў Беларусі.
Н.С.Гардзіенка.
т. 17, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)